КАЛХІ́ДСКАЕ ЦА́РСТВА,

палітычнае ўтварэнне на ПдЗ Закаўказзя ў 6—2 ст. да н.э. Засн. стараж.-груз. плямёнамі колхаў. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, былі развіты металургія жалеза, апрацоўка лёну, дрэва, ювелірнае, керамічнае і інш. рамёствы, чаканіліся сярэбраныя манеты (калхідкі). Існавалі гандл.-рамесныя пункты гар. тыпу і гарады. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. К.ц. знаходзілася ў залежнасці ад Персіі. У 4 ст. да н.э. правіцель К.ц. Куджы ўзначаліў рух за аб’яднанне стараж.-груз. плямён у адзіную дзяржаву. У 2 ст. да н.э. заваявана Пантыйскім царствам, у 1 ст. да н.э. — Рымам. На мяжы 1—2 ст. н.э. на месцы К.ц. ўзнікла царства Лазіка, якое паступова падпарадкавала і насельніцтва паўн. Калхіды.

т. 7, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)